КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

сукупнасць усіх адкладаў, якія ўтварыліся на сушы ці ва ўнутрымацерыковых вадаёмах. Паводле ўмоў намнажэння і пераўтварэння зыходнага асадку вызначаюць уласна наземныя (субаэральныя), падводныя (субаквальныя) і падлёдныя (субгляцыяльныя). Паводле дынамікі намнажэння, умоў залягання і заканамернасцей будовы вылучаюць адклады: элювіяльныя, што складаюць кару выветрывання; схілавы я, якія ўтвараюцца пры пераадкладанні прадуктаў разбурэння горных парод на схілах (дэлювій, саліфлюкцыя, абвалы, асыпкі, апоўзні); водныя (алювій, пралювій, азёрныя адклады); ледавіковыя і водна-ледавіковыя (марэны, ледавікова-рачныя, або флювіягляцыяльныя, ледавікова-азёрныя, або лімна-гляцыяльныя і інш.), эолавыя (лёсы, эолавыя пяскі); адклады, што непасрэдна звязаны з падземнымі крыніцамі (пячорныя, сталактыты, сталагміты і інш.). Асобную групу складаюць тэхнагенныя адклады (абвалы горных распрацовак, насыпы, дамбы і інш.). Ад марскіх адкладаў К.а. адрозніваюцца большай зменлівасцю саставу і нявытрыманасцю ў заляганні. К.а. змяшчаюць радовішчы вугалю, жал. руд, кааліну, вогнетрывалых глін, буд. матэрыялаў, россыпы высакародных металаў, алмазаў і інш.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)